Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Добраахвотніцкі рух у сельскай мясцовасці

Дата: 30 июня 2020 в 09:16
252 просмотра

Валанцёры ў сельскай мясцовасці з’яўляюцца запатрабаванымі памочнікамі па розных кірунках працы: культурна-масавым, сацыяльным, экалагічным і іншых.

   

Для эфектыўнай дзейнасці гэтага руху неабходна папулярызацыя ідэй добраахвотніцтва ў школьным асяроддзі, выхаванне ў школьнікаў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, фарміраванне маральна-этычных якасцяў, пачуцця патрыятызму. Трэба стварыць аптымальныя ўмовы для распаўсюджвання добраахвотніцкага руху, актывізацыі ўдзелу школьнікаў у сацыяльна значных акцыях і праектах, у падрыхтоўцы і правядзенні масавых, сацыяльна-культурных, інфармацыйна-асветніцкіх і спартыўных мерапрыемстваў, а таксама для рэалізацыі праграм прафілактычнай і інфармацыйна-прапагандысцкай скіраванасці.

Як жа арганізаваны рух навучэнцаў-валанцёраў у нашай школе? Добраахвотніцкі кірунак мае шырокі спектр дзейнасці. Атрад “Міласэрнасць” арганізаваны ў 2005 годзе. На працягу пятнаццаці гадоў навучэнцы займаюцца прапагандай здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва, дапамагаюць пажылым і самотным людзям, падтрымліваюць дзяцей і падлеткаў, займаюцца арганізацыяй і правядзеннем інтэлектуальных конкурсаў, мерапрыемстваў, экскурсій.

Асноўны ўпор зроблены на прапаганду здаровага ладу жыцця сярод навучэнцаў. У рабоце атрада валанцёраў зацікаўлены не толькі дзеці, але і іх бацькі, а таксама педагагічны калектыў. Місія нашага добраахвотніцкага атрада – зрабіць унёсак у фізічнае і маральнае аздараўленне грамадства.

Зразумела, немагчыма прымусіць чалавека жыць здаровым і гарманічным жыццём, калі ён гэтага не жадае. Але мы можам дапамагчы яму зразумець адказнасць за сваё жыццё і паставіць яго ў сітуацыю свабоднага выбару.

Мы сустракаемся з дзецьмі розных класаў і праводзім гутаркі на розныя тэмы, якія тычацца здароўя школьнікаў, іх бяспекі на дарогах, на вуліцы. Вучым супрацьстаяць шкодным звычкам і весці здаровы лад жыцця. Найбольш эфектыўнымі і цікавымі сталі гульня сярод старшакласнікаў “Рэальнасць і міфы пра наркотыкі”, школьная акцыя “Мы за ЗЛЖ”, акцыя “Школа – тэрыторыя, вольная ад тытуню”.

Мы бяром удзел ва ўсіх школьных акцыях, звязаных з ідэямі ЗЛЖ, рыхтуем і праводзім класныя гадзіны сярод аднагодкаў у іншых установах адукацыі. Папулярнымі сталі акцыі і гутаркі: “Спорт – альтэрнатыва згубным звычкам”, “Дзень барацьбы са СНІДам”, “Адмоўся ад шкодных звычак”, “Сусветны дзень здароўя”, “Курэнне – небяспечнае захапленне”, “Шкодныя звычкі і іх наступствы”, “Уплыў алкаголю на здароўе чалавека”.

Здаровы лад жыцця немагчымы без заняткаў спортам. Члены нашага атрада выдатна гэта разумеюць і асабістым прыкладам імкнуцца данесці гэту думку да навучэнцаў школы. Мы прапагандуем заняткі спортам як альтэрнатыву шкодным звычкам і сярод нашых аднагодкаў на спартыўных спаборніцтвах: “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”, “А ну-ка, хлопчыкі” і інш.

Валанцёры Паселіцкай сярэдняй школы аказваюць дапамогу і падтрымку пажылым грамадзянам, займаюцца добраўпарадкаваннем на прышкольнай тэрыторыі, наводзяць парадак ля месцаў вайсковых пахаванняў.

Школьнікі з добрым cэрцам і ўмелымі рукамі праводзяць уборку ў хаце, носяць ваду, наводзяць парадак на прысядзібных участках, займаюцца праполкай кветнікаў, ператвараючы ўсё гэта ў розныя акцыі: “Рука дапамогі”, “Чысты двор”, “Зробім межы ярчэй!”, “Памяць”, “Чысты двор, вуліца, вёска”.

Як вынік – добры настрой і словы падзякі ад падапечных. Наш атрад лічыць, што ўдзел у добраахвотніцкім руху – гэта велізарны зарад энергіі для маладога чалавека. Энергіі, накіраванай у пазітыўнае рэчышча. Валанцёрства дае той багаж практычных навыкаў, досведу, зносін, з якім чалавеку, што пачынае жыццёвы шлях, будзе ўсё пад сілу.

Таццяна ІВАНЧЫКАВА,
педагог-арганізатар Паселіцкай сярэдняй школы Хойніцкага раёна

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.